ДЭЛЕГАТКА
Пара вачэй пільна ўглядалася ў печ. Гаспадыня зухавалася.
Вочы Аўгіні (так звалі гаспадыню) былі завяўшыя, з павуцінай зморшчынак вакол. Пломень з печы адбіваўся ў іх мутнаватым блескам, нібы ў затуманеным люстэрку.
Муць у вачох і павуціна вакол іх гаварылі, што Аўгіня ўжо доўгія-доўгія гады пазірае вось у гэту печ, стаіць так абаранкам скручаная і глядзіць-глядзіць на агонь, нібы бачыць у ім таямніцу жыцьця свайго. Малінавыя кудзерцы агню расчэсваюцца залацістымі пальцамі, сьмяюцца палаючыя вочы, з печы на Аўгіню гледзячы, і нібы кажуць бяз слоў:
— Навекі ты, Аўгіня, прыкута да нас, навекі.
Пух-пуўх-пуух! — трашчыць загнёт на гарачым гліняным подзе і сьмяецца-рагоча, абдаючы гаспадыню дымным жарам.
Варушыць Аўгіня вілачнікам гаршчкі, чапялой патэльню совае да вугольляў і клапоціцца. Яна сур‘ёзная, як той камандзір, які войска перакідвае з месца на месца, з фронту на фронт.
Твар гаспадыні асьвечваецца агнём, зморшчыны на шчоках глыбеюць, і ўсё яе аблічча выглядае глінянай патрэсканай пасудзінай.