Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

І заўважыў Панасюк у гэты мігатлівы міг усе ледзь прыкметныя, самыя дробненькія зморшчыны на твары роднай маткі. У яго памяці адбіўся, нібы на хвілёвым фотаздымку, выгляд старой: яе вопратка, залатаны хвартух, зашмальцаваны кавалак палатна на галаве замест хусткі, босыя ногі — бурыя, патрэсканыя, з пакрыўленымі, нібы вывернутымі ў суставах пальцамі. У руках яна трымала вандзэлак.

Падсьлепаватыя вочы старой праплылі па чырвонаармейцах; вочы нібы намацвалі сына сярод таварышоў.

Так яму здалося. Яна зусім ня ведае, што ён тут.

Панасюк хацеў пяшчотна паклікаць:

— Матулька… Матулька…

Хацеў крыкнуць на ўвесь голас:

— Маці!.. Маці!..

Разьняў губы… Сорамна было перад таварышамі…

Сьпяшыў атрад.

Суха зрабілася ў горле. Нібы хто жарствяком пашараваў там, выцер сьліну, высмактаў кроў.

— Наперад! Наперад!

Ногі ішлі самі сабою. Вочы ў Панасюка заплылі. Ува ўсім целе ён адчуваў холад. Сьціснуў зубы, каб не барабанілі. Злосьць напала… Сашчаміў стрэльбу ў руках так моцна, ажна хруст пальцаў адчуваў на гладкай сталі.

— Бабулька, бабулька, куды ты? Адыйдзі! — пачуў Панасюк голас чырвонаармейца, які ішоў побач