Чаму мне не пасядзець пад вясёлую музыку пры шклянцы кавы з цястэчкамі?
Чаму мне не заказаць ангельскага касьцюму ў Фрыдлянда?
Чаму мне не пакатацца на самоходзе?
Чаму мне не пажыць так, як добрыя і кемныя людзі жывуць?
Чаму мне не перавандраваць да клясы буржуазіі, якая ўмее знаходзіць асалоду ў жыцьці?
Чаму мне не зрабіць прыемнай паездкі па СССР?
Ці ня досыць мне карміцца эфірнымі ідэямі аб паляпшэньні жыцьця пакрыўджаных і прыгнечаных?
Ці ня досыць мне сілкавацца дзікім мёдам і сухімі карэньнямі абяцанак-цацанак.
Ці ня досыць мне падтрымліваць свой дух нейкімі нявідочнымі фігамі, якія нюхаеш і паху ня чуеш?
Гэткімі думкамі, якія мне здаваліся вельмі сьветлымі, мая істота была напоўнена, як бочка новым хмельным півам.
Запытаньне „чаму?“ так моцна мяне трывожыла, ажно мне здалося, што вось вось разарвуся і выстралю; выстралю і забрызгаю ўсіх хмелем моцных жаданьняў для грэшнага цела і неспакойнага духу.
3. Прычына ўсіх прычын
З гэтага, таварышу чытачу, відаць, што я пачаў бунтавацца — пачаў бунтавацца проціў самаго сябе, проціў ранейшага ўкладу свайго жыцьця і проціў сваіх шматгадовых шчырых перакананьняў.