5. На рубяжы двух жыцьцяў
Пасьля знаёмства з сваёй краляй маё ўнутранае разьдзялілася на дзьве часткі. Мой дух і маё цела пачалі паміж сабою барацьбу.
Мой дух гаварыў:
— Ідзі-брыдзі далей па сваім вытараным шляху. Ты маеш такую асалоду, якую рэдка хто з ротных мае. Ляці ў вырай паднябёсны ўсё вышэй і вышэй і не зьвяртай увагі на зьвярыныя пацягі спакуснага цела. Ты-ж чалавек, Сымон, а ня жывёліна якая. Ці памятаеш вялікага грэцкага філёзофа Дыогэна, які меў за палац сабе звычайную бочку, які адну просьбу меў да цароў, каб не затулялі сваім ценем сонца ад яго вачэй. Вось табе прыклад.
Маё цела гаварыла:
Кінь свае вар‘яцкія фантазіі, Сымон. Ты двох жыцьцяў жыць ня будзеш. Карыстайся сваёй моладасьцю і тымі асалодамі, якія дае сьмяротнае цела, бо як памрэш, дык уся слава твая з табою памрэ, а калі слава твая застанецца, дык табе ад яе будзе ні горача, ні холадна і ні цёпла. Гуляй па сьвеце, як сама маці-прырода дыктуе. Законы прыроды — самае сьвятое, праўдзівае і натуральнае, што ёсьць у жыцьці. Пі поўнымі келіхамі жыцьцёвую амброзію і ня мудруй залішне. Сам Экзаліяста гаварыў: „Радуйся, бахур, моладасьцю сваёй — і пры сьмерці ты аб гэтым не пашкадуеш“. Плюнь на сумленьне, адкінь гонар, як лішнюю луску, і наладзь свой дабрарабыт як найлепей. Гэта ў тваіх руках.