На раздваеньне свайго „я“ я пазіраў з боку, шукаў спосабу, як згадзіць дух з целам, і знашоў выйсьце:
У здаровым целе — здаровы дух! — казаў я словам старасьвецкага разумніка. І давай рабіць шчыры агляд свайму целу.
Сухі, як шкілет, грудзі ўпаўшыя, унутры хрыпотка, пастаянная нястраўнасьць жывата, вочы панурыя, настрой пануры, галава кружыцца. Словам, тры чвэрці да сьмерці!
І які можа быць дух у гэткім целе? Якая можа быць творчасьць і энэргія такога духу?
6. Сымон пакіраваў каня ў новы бок
Я парашыў зрабіцца контрабандыстым. На гэты сужэт я напісаў некалькі натхнёных вершаў і пашоў з імі да сваёй кралі ў сталоўку Ляндэрса.
Пры смачным абедзе я пачаў ёй чытаць свае вершы. Сочны і ядраны хіхат вярнуў мне прытомнасьць, бо я маю заўсёды звычай чытаць вершы з няпрытомнай натхнёнасьцю.
Мне троху зрабілася крыўдна за яе сьмех, але, глынуўшы з пакорай горкі палын крыўды, я кінуў чытаць і парваў свае вершы на драбнюткія кавалачкі.
— Вось гэта я хвалю! — казала мая краля, пагладзіўшы маю руку, — гэта ты разумна зрабіў. Гэта — добры пачатак!
І тут зноў закалеравалася ў яе вачох вясёлка дзіўных пераміргваньняў, і на яе шчочках вызначы-