Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/101

Гэта старонка не была вычытаная

павінны былі служыць мне вагарамі, выцесаў з чурбакоў дзве качалкі і ўсё гэта перацягнуў да шлюпкі. «Абы толькі мне ўдалося перавярнуць яе на дно, — казаў я сабе, — а паправіць яе — справа няцяжкая. Выйдзе такая добрая лодка, што ў ёй смела можна будзе пусціцца ў мора».

І я не пашкадаваў сіл на гэтую бескарысную работу: я праваждаўся тыдні тры ці чатыры. Мала таго: калі я ўрэшце зразумеў, што не з маімі слабымі сіламі скрануць такую махіну, я прыдумаў новы план. Я ўзяўся адкідваць пясок ад аднаго борта шлюпкі, мяркуючы, што, страціўшы пункт апоры, яна сама павернецца і стане на дно; разам з тым я падкладываў пад яе кавалкі, каб накіраваць яе падзенне, куды мне было трэба.

Шлюпка, сапраўды стала на дно, але гэта ніяк не пасоўвала мяне да маёй мэты: я ўсёроўна не здолеў спусціць яе на ваду і ўрэшце быў прымушаны адмовіцца ад маіх вымудраў. Але гэтая няўдача не адбіла ў мяне ахвоты да далейшых спроб дабрацца да матэрыка; наадварот, па меры таго, як мэта маіх імкненняў здавалася мне больш і больш недасягаемай, маё жаданне дасягнуць яе ўсё расло.

Нарэшце мне прышло ў галаву: ці не паспрабаваць мне самому зрабіць лодку або, яшчэ лепш, пірогу, якія я бачыў у чырвонаскурых? «Каб зрабіць пірогу, — разважаў я, — не трэба амаль ніякіх інструментаў, бо яна выдзёўбваецца з суцэльнага камля дрэва; з такой работай можа справіцца і адзін чала-