Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/107

Гэта старонка не была вычытаная

зрабіць сабе з такога-ж матэрыялу ўвесь гарнітур, гэта значыць куртку і штаны, Штаны пашыў я кароткія, да кален, і вельмі прасторныя; куртку таксама зрабіў шырэйшую, бо і тое, і другое было мне патрэбна больш для аховы ад сонца, чымся для цеплыні. Фасон і работа, трэба прызнацца, былі нікуды не вартымі; краўцом я быў вельмі дрэнным, а закройшчыкам і таго горш. Як-бы там ні было, мае кравецкія вырабы добра мне служылі, асабліва калі мне здаралася выйсці ў час дажджу: уся вада сцякала па даўгой поўсці, і я заставаўся сухім.

Пасля курткі і штаноў я задумаў змайстраваць сабе парасон. Я бачыў як іх робяць у Бразіліі: там ніхто не ходзіць без парасона з-за спякоты, а на маім востраве было ані трохі не халадней, нават гарачэй, бо ён бліжэй да экватара. Мне-ж неабходна было выходзіць ва ўсякае надвор’е, а іншы раз доўга бадзяцца і пад сонцам, і пад дажджом; словам, парасон быў мне абавязкова патрэбны. Шмат мне было клопату з гэтай работай, і шмат часу прайшло, перш чым мне ўдалося зрабіць нешта падобнае на парасон (разы два ці тры я выкідваў папсаваны матэрыял і пачынаў спачатку), але ў выніку я дамогся свайго і зрабіў досыць добры парасон. Справа ў тым, што я хацеў, каб ён расчыняўся і зачыняўся; у гэтым іменна і была галоўная цяжкасць. Вядома, зрабіць яго нерухомым было вельмі лёгка, але тады прышлося-б заўсёды насіць яго над галавой, а гэта было нязручна. Але, як ужо сказана, я пера-