Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

чыць купцом, але, на маё няшчасце, капітан хутка памёр, і мне давялося рабіць другое падарожжа на сваю рызыку.

Я адплыў з Англіі на тым-жа самым караблі. Гэта было самае няшчаснае падарожжа, якое толькі калі рабіў чалавек.

Пачалося з таго, што адной раніцой, на досвітку, наша судна, якое трымала курс на Канарскія астравы, напаткала маўрытанскі разбойніцкі карабль, які пагнаўся за намі на ўсіх ветразях. Спадзяючыся ўцячы ад яго, мы таксама паднялі ўсе ветразі, але ўбачылі, што пірат набліжаецца і немінуча дагоніць нас праз некалькі гадзін, і тады мы падрыхтаваліся да бою. У нас было дванаццаць гармат, а ў ворага — восемнаццаць. Каля трох гадзін папалудні ён нас дагнаў, але, па памылцы, замест таго, каб падыйсці да нас з кармы, падышоў з левага барта. Выкарыстаўшы гэтую памылку, мы нацэлілі на яго восем гармат і далі залп, пасля якога ён адышоў крыху далей, адказаўшы на наш агонь не толькі гарматным, але і стрэльбавым залпам з двух соцень стрэльбаў, бо на ім была каманда да двухсот чалавек. Аднак, нашых нікога не закранула: усе нашыя людзі прыселі за бортам.

Затым пірат падрыхтаваўся да новага нападу, а мы да новай абароны. Але ў наступнай сутычцы, зачапіўшыся за наш борт баграмі, шэсцьдзесят чалавек прыскочылі да нас на палубу і перш за ўсё пачалі сячы нашы снасці. Мы сустрэлі іх стрэльбавым агнём, коп‘ямі і ручнымі гранатамі і два разы ачышчалі ад іх нашу палубу. Тым не менш мы