Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/112

Гэта старонка не была вычытаная

рад падводных скал, і баяўся рызыкаваць. Таму я кінуў якар (перад адпраўкай у дарогу я змайстраваў сабе нешта накшталт якара з абломку жалезнага крука, знойдзенага мною на караблі), узяў стрэльбу і зышоў на бераг. Выгледзеўшы непадалёк даволі высокую горку, я ўзняўся на яе, змераў на вока даўжыню рыфаў і водмелі, якія адсюль былі бачны на ўсёй сваёй адлегласці, і рашыў паспрабаваць іх абагнуць.

Але не паспеў я адысці ад берагу на даўжыню маёй лодкі, як апынуўся на страшэннай глыбіні, і ўслед затым трапіў у магутны струмень морскага цячэння. Мяне закруціла, як на млынным шлюзе, падхапіла і панесла. Аб тым, каб павярнуць да берагу ці звярнуць убок, не было чаго і думаць. Усё, што я здолеў зрабіць, — гэта трымацца з краю цячэння і намагацца не трапіць у сярэдзіну. Між тым мяне занасіла ўсё далей і далей удоўж рыфаў. Каб быў хоць невялікі вецер, я мог-бы паспрабаваць паставіць ветразь, але на моры стаяў поўны штыль; я працаваў вёсламі з усіх сіл, але не мог справіцца з цячэннем. Я ўжо развітваўся з жыццём: я ведаў, што праз некалькі міль тое цячэнне, у якое я трапіў, і другое, якое абгінае другі бок вострава, зліюцца ў адно, і калі да таго часу мне не ўдасца звярнуць убок, я беззваротна загінуў. А між тым я не бачыў ніякай магчымасці звярнуць.

Выйсця не было: мяне чакала пэўная смерць — і не ў хвалях морскіх, бо мора было спакойнае, а страшная галодная смерць.