Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

Праўда, на беразе я знайшоў чарапаху, такую вялікую, што ледзьве здолеў падняць яе, і ўзяў з сабой у лодку. Быў у мяне таксама добры запас прэснай вады (я ўзяў самы вялікі з маіх гліняных збаноў). Але што гэта значыла для няшчаснага падарожніка, які згубіўся ў пустыні бязбрэжнага акіяна, дзе можна прайсці тысячы міль, не ўбачыўшы і адзнак зямлі?

Аб сваім пустынным, нудным востраве я ўспамінаў цяпер, як аб зямным раі, і адзіным маім жаданнем было вярнуцца ў гэты рай. Нельга выказаць, у якой я быў роспачы, калі ўбачыў, што мяне заносіць прэч ад майго любага вострава — так, ён мне быў любы цяпер! — заносіць у бязмежную вадзяную далеч, і я павінен навекі развітацца з надзеяй зноў убачыць яго.

Але як я ні быў збянтэжаны, я гроб безупынна, да страты сіл, імкнучыся накіраваць лодку на поўнач з такім разлікам, каб перасячы плынь і абагнуць рыфы. Раптам каля палудня, калі сонца перайшло прама мне насустрач, падзьмуў ветрык. Гэта мяне ўзбадзёрыла. Але ўявіце маю радасць, калі ветрык шпарка пачаў свяжэць і праз поўгадзіны ператварыўся ў добры, моцны вецер. К гэтаму часу мяне загнала на далёкую адлегласць ад майго вострава. Каб узняўся ў тую пару туман, мне быў-бы канец: са мной не было компаса, і каб толькі я згубіў з віду мой востраў, я не ведаў-бы, куды кіраваць. Але на маё шчасце быў сонечны дзень і нішто не паказвала на туман. Я паставіў мачту,