Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

злосны, што ўзяць яго жывым было нельга (я баяўся лезці да яго ў яму), а забіваць не варта было. Як толькі я прыўзняў пляцёнку, ён выскачыў з ямы і пусціўся бегчы з усіх ног. Але я не ведаў у той час, што голад уціхамірвае нават львоў. Каб я тады прымусіў майго казла пагаладаваць дні тры-чатыры, а потым прынёс-бы яму паесці і папіць, ён зрабіўся-б ціхім і свойскім не горш за казлянят. Козы ўвогуле вельмі кемлівыя жывёлы, і, калі з імі добра абыходзіцца, іх вельмі лёгка прыручыць.

Але, паўтараю, у той час я гэтага не ведаў. Выпусціўшы казла, я падышоў да той ямы, дзе сядзелі казляняты, вынуў усіх трох па адным: звязаў іх разам вяроўкай і з цяжкасцю прывалок дамоў.

Даволі доўга я не мог прымусіць іх есці, але, згаладаўшыся, яны ўсё-такі ўзяліся за ячмень. Патрохі яны звыкліся са мной і зрабіліся зусім свойскімі. З таго часу я пачаў разводзіць коз у надзеі, што з цягам часу ў мяне будзе цэлы статак. Бясспрэчна, гэта быў для мяне адзіны спосаб забяспечыць сябе мясам к таму часу, калі ў мяне выйдзе порах і шрот.

Гады праз паўтары ў мяне было штук дванаццаць коз, лічачы і казлянят, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. З цягам часу я зрабіў пяць загароджаных выганаў; усе яны злучаліся між сабой варотцамі, каб можна было пераганяць коз з адной пашы на другую, а адзін выган меў яшчэ знадворную браму.