Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/121

Гэта старонка не была вычытаная

У мяне быў цяпер невычарпальны запас мяса, і не толькі мяса, але і малака. Апошняе для мяне было прыемным сюрпрызам, бо пачаўшы разводзіць коз, я не думаў пра малако, і толькі потым мне прышло ў галаву, што я магу іх даіць.

Самы сур’ёзны філасоф не стрымаў-бы ўхмылкі, каб убачыў мяне з маім сямействам за абедзеным сталом. Уласна кажучы, за сталом сядзеў толькі я, кароль і ўладар вострава, у руках якога было жыццё ўсіх падданых: я мог караць і мілаваць, дарыць і адбіраць волю і ніколі не рабіў нездаволеных. Як сапраўдны кароль, я палуднаваў адзін, абкружаны штатам прыдворных. Толькі Попку, як каралеўскаму любімцу, дазвалялася гутарыць са мной. Сабака, які даўно ўжо састарыўся, сядзеў заўсёды з правай рукі на падлозе, і на падлозе-ж, толькі злева, сядзелі дзве кошкі, не спускаючы з мяне вачэй у чаканні падачкі, як знаку асаблівай каралеўскай ласкі.

Але гэта былі не тыя кошкі, якіх я прывёз з карабля: тыя даўно акалелі, і я ўласнай рукой пахаваў іх каля майго жылля. Адна з іх ужо на востраве акацілася: я пакінуў у сябе пару кацянят, і яны выраслі свойскімі, а астатнія збеглі ў лес і здзічэлі. Урэшце на востраве распладзілася такое мноства кошак, што не было ад іх ратунку: яны забіраліся да мяне ў кладоўку, цягалі прадукты і пакінулі мяне ў супакоі толькі тады, калі я застрэліў двух ці трох. Паўтараю, я жыў сапраўдным царком, маючы ўсё, што трэба; ка-