Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

цэлых два гады ў мяне не было і пробліску надзеі.

Але на трэці год у мяне з‘явілася магчымасць уцячы. Здарылася гэта так. Мой гаспадар заўсёды, раз ці два на тыдзень, браў карабельную шлюпку і выходзіў на ўзмор‘е лавіць рыбу. У кожную такую паездку ён браў мяне і аднаго хлопчыка, якога звалі Ксуры. Мы веславалі і забаўлялі яго, як толькі маглі. І таму, што я акрамя таго быў яшчэ і добрым рыбаловам, ён часамі пасылаў нас адных па рыбу пад наглядам старога маўра, свайго родзіча.

Аднойчы мой гаспадар запрасіў двух гасцей пакатацца на лодцы. Для гэтай паездкі ён нарыхтаваў вялікія запасы харчоў, якія яшчэ з вечара адаслаў да сябе ў лодку.

Я зрабіў усё, як мне было загадана, і на другі дзень зранку сядзеў на баркасе, начыста вымытым, і чакаў гасцей. Раптам гаспадар прыходзіць адзін і кажа, што яго госці не прыедуць сёння, бо іх затрымалі справы. Затым ён загадаў нам траім — мне, хлопчыку Ксуры і маўру — выехаць у мора па рыбу.

— Мае сябры, — сказаў ён, — застануцца ў мяне вячэраць, і таму, як толькі наловіце рыбы, прыносце яе мне дадому.

Вось тут у мяне і мільганулі зноў мае даўнейшыя мары пра волю. Цяпер у мяне было сапраўднае судна, і, як толькі гаспадар пайшоў, я пачаў рыхтавацца — не да рыбнай лоўлі, а ў далейшае плаванне. Праўда, я не ведаў, куды я накірую свой шлях, але кож-