Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

ўсё-такі паклапаціцца пра надзейны прытулак на выпадак іх высадкі на востраве.

Мне прышлося цяпер пашкадаваць, што я пашырыў пячору за сваёй палаткай і вывеў з яе ход на знадворак. Трэба было так ці іначай выправіць гэтую памылку. І вось, памеркаваўшы, я рашыў пабудаваць вакол майго жылля яшчэ адну загарадку на такой адлегласці ад ранейшай сцяны, каб выйсце з пячоры было ў сярэдзіне ўмацавання. Ды мне нават і не трэба было будаваць новай сцяны: падвойны рад дрэў, якія я гадоў дванаццаць назад пасадзіў поўкругам удоўж старой загарадкі, быў ужо і сам надзейным аплотам, — так часта былі насаджаны дрэвы і так сільна яны разрасліся. Заставалася толькі пазабіваць коллем адлегласць паміж дрэвамі, каб ператварыць увесь гэты поўкруг у суцэльную, моцную сцяну. Гэтак я і зрабіў.

Цяпер мая крэпасць была абкружана двума сценамі. Але мая праца не скончылася на гэтым. Аграмадную плошчу за знадворнай сцяной я засадзіў тымі дрэўцамі, падобнымі на вярбу, якія так добра прымаліся і пра якія я ўжо казаў. Я лічу, што пасадзіў іх не менш дваццаці тысяч штук. Але паміж першымі дрэвамі і сцяной я пакінуў досыць значнае пустое месца, каб мне было лягчэй абараняцца ад ворага, які мог падкрасціся да яе пад прыкрыццем дрэў.

Праз два гады перад маім жыллём быў ужо малады гаёк, а яшчэ гадоў праз пяць-шэсць яго абступаў высокі лес, амаль непра-