Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/133

Гэта старонка была вычытаная

тычкі пераможцы прывозяць з матэрыка сваіх ваеннапалонных на гэтае ўзбярэжжа, дзе, па зверскаму звычаю ўсіх дзікуноў-людаедаў, забіваюць і з’ядаюць іх». У адным месцы я заўважыў круглую, выраўнаную пляцоўку, пасярод якой былі рэшткі кастра: тут, мусіць, і сядзелі бесчалавечныя варвары, спраўляючы свае жахлівыя баляванні…

Усё гэта так уразіла мяне, што я нават не адразу ўспомніў пра небяспеку, у якую я трапіў, застаючыся на гэтым беразе: жах перад абураючым скажэннем чалавечай прыроды, здольнай дайсці да такой зверскай жорсткасці, выціснуў з маёй душы ўвесь страх. Я не раз чуў пра падобныя праявы зверства, але ніколі да гэтага часу не выпадала бачыць іх самому. З непераможнай агідай адвярнуўся я ад жахлівага відовішча. Я ні хвіліны лішняй не заставаўся ў страшэнным месцы: я падняўся на ўзгорак і пабег назад, да жылля.

Калі заходні бераг застаўся ў мяне далёка адзаду, я спыніўся, каб ачуняць і набрацца думак. Варвары, як я ўпэўніўся, ніколі не прыязджалі на востраў за здабычай — ці таму, што ні у чым не мелі патрэбы, ці можа таму, што не разлічвалі чым-небудь пажывіцца ў гэткім пустынным месцы.

Не магло быць аніякага сумнення, што яны не адзін раз пабылі ў лясістай частцы вострава, але, мусіць, не знайшлі там нічога такога, што магло-б ім спатрэбіцца. Бясспрэчна было адно: я пражыў на востраве без малога восемнаццаць год і да апошняга