Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/136

Гэта старонка не была вычытаная

я быў так далёка ад усякіх спроб расправіцца з дзікунамі, што зусім не бываў у тым баку вострава, дзе яны прычальвалі са сваімі пірогамі. Я нават ніводнага разу не пайшоў зірнуць, ці не відаць іх на беразе. Аднаго толькі разу я хадзіў на той бераг, ды і то толькі затым, каб узяць адтуль лодку. Я перавёў яе на ўсходні бок вострава, дзе для яе знайшлася вельмі зручная бухтачка, схаваная з усіх бакоў стромкімі скаламі. Удоўж усходніх берагоў вострава праходзіла морская плынь, і я ведаў, што дзікуны нізавошта не адважацца высадзіцца там.

Я думаю, чытачу не будзе здавацца дзіўным, калі я скажу яму, што адчуванне вечнапагражаючай небяспекі, пад прыгнётам якой я жыў апошнія гады, заглушыла ў мяне ахвоту да вынаходніцтва для маіх хатніх выгод. Не да таго мне было, каб клапаціцца аб паляпшэнні майго стала, калі я толькі і думаў, як-бы выратаваць сваё жыццё. Я баяўся ўбіваць цвік, шчапаць палена, каб дзікуны не пачулі грукату. Страляць я тым больш не адважваўся па той-жа прычыне. Але, галоўнае, мяне ахапляў невыказны страх кожны раз, калі мне трэба было раскладваць агонь, бо дым, які ўдзень відаць на вялікай адлегласці, заўсёды мог выдаць мяне. Таму я нават перанёс у новае памяшканне ўсе тыя вырабляемыя рэчы (у тым ліку і ганчарныя), для якіх патрабаваўся агонь.

Я забыў сказаць, што неяк раз, працуючы ў лесе, я, на вялікую маю радасць, знайшоў