Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

шага; я пачуў гучны ўздых, як уздыхаюць ад болю, затым нейкія перарывістыя гукі накшталт мармытання і зноў цяжкі ўздых.

Я застыў ад жаху; халодны пот выступіў у мяне па ўсім целе, і валасы сталі дыбам. Тым не менш я не разгубіўся: зноў сунуўся ўперад і пры святле майго факела, які трымаў над галавой, убачыў аграмаднага старога казла! Ён ляжаў нерухома ды цяжка дыхаў у перадсмяротнай агоніі; ён здыхаў, відаць, ад старасці.

Я крануў яго нагой, каб прымусіць падняцца. Ён паспрабаваў быў устаць, але не здолеў. «Хай ён ляжыць, пакуль жывы, — падумаў я: — калі ён мяне напалохаў, дык напэўна не менш напалохае кожнага дзікуна, які ўздумае сунуцца сюды».

На другі дзень я ўзяў з сабой шэсць вялікіх свечак уласнага вырабу (к таму часу я навучыўся рабіць вельмі добрыя свечы з казінага тлушчу) і вярнуўся ў пячору. Я падышоў да вузкага ходу ў глыбіні пячоры, стаў на карачкі і папоўз уперад, што, паміж іншым, было даволі смелым учынкам з майго боку, калі узяць пад увагу, што я не ведаў, куды вядзе гэты ход і што чакае мяне наперадзе. Я прапоўз каля пяці сажняў і адчуў, што калідор робіцца ўсё шырэйшым і шырэйшым. Крыху пачакаўшы, я паспрабаваў устаць на ногі, і тады высветлілася, што я магу стаяць ва ўвесь рост. Тады я запаліў дзве свечкі і ўбачыў такую дзівосную карціну, якой я на маім востраве ніколі не бачыў. Я стаяў у прасторным гроце футаў