Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/143

Гэта старонка не была вычытаная

цяжкую зброю і не мог ісці хутка), я паглядзеў на мора і ўбачыў яшчэ тры лодкі з дзікунамі, якія накіроўваліся ад вострава да матэрыка.

Гэтае адкрыццё засмуціла мяне, асабліва, калі, спусціўшыся к берагу, я ўбачыў рэшткі таго жахлівага балявання, якое толькі што там адбылося: кроў, косці і кавалкі чалавечага мяса, якое гэтыя зверы жэрлі з лёгкім сэрцам, скачучы і весяліўшыся. Мяне ахапіла такое абурэнне ад гэтай карціны, што я забыў свае разумныя намеры не чапаць дзікуноў, і ў галаве маёй пачалі складацца планы, як напасці на першую-ж партыю гэтых варвараў, якую я ўбачыў на беразе, якой-бы яна ні была шматлікай.

Увесь гэты час я быў у баявым настроі і ўсе свае вольныя гадзіны (якія, дарэчы, мог-бы скарыстаць куды лепш) праводзіў у абмеркаванні планаў знішчэння дзікуноў.

Я канчаткова пастанавіў напасці на іх у наступны-ж раз, як убачу іх на беразе, асабліва калі яны зноў падзеляцца на дзве партыі, як гэта было ў апошні іх прыезд.

Але я не ўцяміў таго, што калі нават і пераб’ю усю партыю, прыкладна, у дзесяць або дванаццаць чалавек, то на другі дзень ці праз тыдзень, або месяц мне прыдзецца мець справу з новай бандай, а там зноў з новай, і гэтак бясконца, пакуль я сам не ператваруся ў такога-ж, калі не горшага, забойцу, як гэтыя дзеці прыроды, што жэрлі сваіх блізкіх. Але прайшло больш года, пакуль я зноў убачыў дзікуноў.