Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/144

Гэта старонка не была вычытаная

Не магу выказаць, якім трывожным часам былі для мяне гэтыя пятнаццаць месяцаў. Я дрэнна спаў, кожную ноч бачыў страшныя сны і часта ўскокваў, прачнуўшыся ў сполаху. Часамі я сніў, што забіваю дзікуноў, намагаўся ў сне апраўдаць сябе. Я і ўдзень не ведаў ні хвіліны спакою. Але аб гэтым, таксама як і аб маёй сустрэчы з дзікунамі, будзе гутарка далей. Цяпер-жа я хачу расказаць аб адной падзеі, якая парушыла на некаторы час аднастайнасць майго жыцця. Гэтая падзея здарылася на дваццаць чацвертым годзе майго жыцця на востраве, у сярэдзіне мая, а менавіта 16, калі верыць майму няшчаснаму драўлянаму календару, якім даўно ўжо не засталося жывога месца ад зарубак.

Увесь дзень 16 мая была вялікая навальніца, і дзень змяніўся такой-жа бурнай ноччу. Позна вечарам я чытаў кнігу, імкнучыся адцягнуць свае думкі ад небяспек майго тагочаснага становішча. Раптам я пачуў гарматны стрэл — як мне здалося, з боку мора. Я ўздрыгануўся ад нечаканасці; гэта быў сюрпрыз зусім новага роду, які не меў нічога агульнага з тымі сюрпрызамі, якія лёс пасылаў мне дагэтуль. Баючыся страціць хаця-б секунду каштоўнага часу, я ірвануўся з месца, у адно імгненне прыставіў лесніцу да ўступу гары і пачаў узбірацца наверх. Якраз у тую хвіліну, калі я падняўся на вяршыню, перада мной бліснуў агеньчык, і сапраўды, праз поўсекунды я пачуў гук другога гарматнага стрэлу.