Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/145

Гэта старонка не была вычытаная

Я здагадаўся, што гэта нейкі пагібаючы карабль дае сігнал аб сваім безвыхадным становішчы. Не гледзячы на ўсё сваё хваляванне, я ўсё-ж такі паспеў падумаць, што хоць не магу выратаваць з бяды гэтых людзей, затое можа яны мяне вызваляць. Не трацячы часу, я сабраў ламачча, якое было паблізу, склаў яго ў кучу і падпаліў. Сухое дрэва адразу загарэлася, не гледзячы на моцны вецер, і так добра разгарэлася, што з карабля, калі толькі гэта быў сапраўды карабль, не маглі не заўважыць майго сігнала. І сігнал быў, відаць, заўважаны, бо як толькі запаліўся мой касцёр, я пачуў новы гарматны стрэл, потым яшчэ і яшчэ, усё з таго-ж боку.

Я падтрымліваў агонь усю ноч да досвітку, а калі зусім развіднела і прадранішні туман рассеяўся, убачыў на моры, з усходняга боку вострава, але вельмі далёка ад берагу, нейкі прадмет. Але ці быў гэта кузаў карабля ці парус, я не мог разабраць з-за далёкай адлегласці і з-за туману, які на моры яшчэ не зусім разышоўся.

Усю раніцу я назіраў за прадметам, што віднеўся на моры, і хутка ўпэўніўся, што ён нерухомы. Заставалася толькі здагадвацца, што гэта карабль стаіць на якары. Я не вытрымаў: схапіў стрэльбу, падзорную трубу і пабег на паўднёва-ўсходні бераг, да месца, дзе пачыналіся рыфы. Надвор’е між тым зусім прасвятлілася, і, узлезшы на бліжэйшы ўцёс, я мог, на мой вялікі жаль, выразна разгледзець кузаў разбітага карабля.