Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/146

Гэта старонка не была вычытаная

Відаць, ён ноччу наскочыў на падводныя рыфы і засеў у тым месцы, дзе яны загароджвалі шлях морскаму цячэнню і адкуль яно паварочвала назад.

Каб на караблі заўважылі востраў, дык напэўна спусцілі-б шлюпку, і, калі не ўвесь экіпаж, то хоць частка яго паспрабавала-б дабрацца да берагу. Імкнучыся ўявіць сабе далейшы лёс людзей, якія пацярпелі крушэнне, я рабіў розныя здагадкі. Але якая-б доля ні была ў няшчасных, я у маім становішчы нічым не мог ім дапамагчы, я мог толькі шкадаваць іх ад усёй душы.

Я быў упэўнены, што з экіпажа разбітага карабля не засталося ў жывых аніводнага чалавека: цяжка было ўявіць, каб каму-небудзь з іх удалося выратавацца ў такую страшэнную буру, калі толькі іх не падабрала другое судна, якое магло быць разам з імі. Але наўрад каб гэта было: аніякіх слядоў другога карабля я не бачыў.

Дзе я знайду словы, каб перадаць тую самоту, тую ненасытную прагу быць разам з падобнымі да мяне істотамі, якая напоўніла маю душу, калі я ўбачыў карабль? З маіх вуснаў мімаволі бесперапынку зляталі словы: «Ах, каб хоць два або тры чалавекі… не, хоць-бы адзін з іх выратаваўся і прыплыў да мяне! Ён быў-бы маім сябрам, братам; ён гутарыў-бы са мной».

Ніводнага разу за ўсе доўгія гады майго адзінокага жыцця не адчуў я такой пільнай патрэбы ў людской грамадзе, ні разу не адчуваў так балюча сваёй адзіноты.