Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/150

Гэта старонка не была вычытаная

прабаваў скрануць. Было там яшчэ некалькі скрыняў, якія, мусіць, належалі матросам; дзве скрыні я перацягнуў у лодку, не адчыняючы. Каб замест насавой часткі засталася цэлая карма, я-б, напэўна, вярнуўся з багатай здабычай.

Акрамя скрыняў, я ўзяў яшчэ бачонак з нейкім спіртным піццём. Бачонак быў невялікі — каля двух вядзёр умяшчальнасцю, але ўсё-такі мне каштавала шмат працы перацягнуць яго ў лодку. У каюце я знайшоў некалькі стрэльбаў і фунты чатыры пораху ў парахоўніцы; стрэльбы я пакінуў, бо яны мне былі непатрэбныя, а порах узяў; узяў таксама лапатачку для вугалю і шчыпцы, у якіх меў вялікую патрэбу; затым два мядзяныя кацялкі і мядзяны кафейнік. З усім гэтым грузам і з сабакам я адчаліў ад карабля, бо пачынаўся ўжо прыліў, і ў той-жа дзень к гадзіне ночы вярнуўся на востраў, змораны да апошняй ступені.

Я рашыў перанесці сваю здабычу ў новы грот, бо туды было бліжэй. Ноч я зноў правëў у лодцы, а зранку, падмацаваўшыся ядой, выгрузіў на бераг прывезеныя рэчы і зрабіў ім падрабязны агляд. У бачонку аказаўся ром, які ўжываюць у Бразіліі; затое ў скрынях я знайшоў шмат карысных рэчаў.

У адной было некалькі зусім яшчэ моцных сарочак, якія былі для мяне вельмі прыемнай знаходкай; затым каля двух тузінаў белых палатняных насавых хустачак і столькі-ж каляровых шыйных; першыя мяне вельмі ўзрадвалі, калі я ўявіў сабе, як будзе пры-