Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

засеў у сваёй крэпасці, але на кожны выпадак надзеў усю сваю зброю і быў гатоў дзейнічаць, каб надышла такая мажлівасць. Я доўга чакаў, прыслухоўваючыся, ці не набліжаецца вораг да маёй крэпасці, але нарэшце знудзіўся ад чакання, зняў з сябе абедзве стрэльбы, прыхінуў іх да падножжа скалы і палез наверх па сваіх прыстаўных лесніцах. Дабраўшыся да вяршыні, я стаў так, каб галава мая была не відаць з-за грэбня скалы, і пачаў назіраць у падзорную трубу. Дзікуны цяпер вярнуліся да сваіх лодак. Іх было не менш трыццаці чалавек. Яны расклалі на беразе касцёр і нешта варылі на агні. Я не мог разглядзець, што там такое смажылася ці варылася; бачыў толькі, што, скончыўшы яду, яны пусціліся ў скокі вакол кастра з недарэчнымі крыўляннямі і падскокамі, як звычайна скачуць дзікуны.

Раптам некалькі чалавек адлучыліся ад скачучых і пабеглі да сваіх лодак, а ўслед за тым я бачыў, што яны валакуць да кастра двух няшчасных, відаць, прызначаных для забойства. (Да гэтай хвіліны тыя, мусіць, ляжалі звязаныя ў лодках.) Аднаго з іх зараз-жа павалілі, ударыўшы яго па галаве нечым цяжкім (дубінай ці драўляным мячом, якія ўжываюць дзікуны), і цягнуўшыя яго людзі неадкладна ўзяліся за работу: распаролі яму жывот і пачалі яго патрашыць. Другі палонны стаяў тут-жа, чакаючы сваёй чаргі. Заняўшыся першай ахвярай, каты забыліся на яго. Няшчасны адчуў сябе на волі, і ў яго, відаць, мільганула надзея на вырату-