Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

як прыбіты цвікамі, не ведаючы, на што адважыцца, і, відаць, ахвотна уцёк-бы, каб такая мажлівасць была. Я пачаў зноў крычаць яму і рабіць знакі, каб ён падышоў бліжэй. Ён зразумеў: зрабіў крокі два і спыніўся, потым зрабіў яшчэ некалькі крокаў і зноў стаў, як укапаны.

Тут я заўважыў, што ён дрыжыць, як у трасцы: небарака, відаць, баяўся, што, калі ён трапіць мне ў рукі, я зраблю з ім тое самае, што з двума іншымі. Я зноў паклікаў яго да сябе і наогул намагаўся ўзбадзёрыць яго, як умеў. Ён падыходзіў усё бліжэй і бліжэй; праз кожныя дзесяць-дванаццаць крокаў ён падаў на калены, жадаючы, відаць, выказаць мне сваю ўдзячнасць за тое, што я выратаваў яму жыццё. Я ласкава яму ўхмыляўся і рабіў знакі рукой. Нарэшце, падышоўшы зусім блізка, ён зноў упаў на калены, пацалаваў зямлю, прыціснуўся да яе тварам і, падняўшы маю нагу, паставіў яе сабе на галаву. Апошняе павінна было, мусіць, азначаць, што ён клянецца быць маім рабом да самай смерці. Я падняў яго, папляскаў па плячы і ўсялякім спосабам стараўся паказаць, што яму няма чаго баяцца мяне.

Але пачатая мною справа яшчэ не была даведзена да канца: дзікун, якога я паваліў ударам прыклада, быў не забіты, а толькі аглушаны, і я заўважыў, што да яго вяртаецца прытомнасць. Я паказаў на яго выратаванаму мною чалавеку: «вось, вораг твой жывы!»