Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/158

Гэта старонка не была вычытаная

У адказ ён сказаў мне некалькі слоў на сваёй мове, і хоць я нічога не зразумеў, але самыя гукі яго гаворкі былі для мяне салодкай музыкай: я-ж за дваццаць пяць з лішкам гадоў першы раз пачуў чалавечы голас!

Аднак, у тую хвіліну мне было не да таго, каб аддавацца такім думкам: аглушаны мною дзікун ачуняў настолькі, што ўжо сядзеў на зямлі, і я заўважыў, што мой дзікун зноў пачынае баяцца. Жадаючы яго супакоіць, я прыцэліўся ў яго ворага з другой стрэльбы. Але тут ён пачаў паказваць знакамі, каб я даў яму шаблю, што вісела ў мяне за поясам. Я падаў яму шаблю. Ён схапіў яе, кінуўся да свайго ворага і адным махам адсек яму галаву. Такое умельства валодаць халоднай зброяй вельмі здзівіла мяне ў чалавеку, ніколі ў жыцці не бачыўшым ніякай зброі, акрамя драўляных мячоў. Пасля я аднак даведаўся, што тутэйшыя дзікуны выбіраюць для сваіх мячоў такое моцнае дрэва, што такім драўляным мячом можна адсячы галаву не горш, як жалезным. Зрабіўшы сваю справу, ён вярнуўся да мяне, трымаючы ў адной руцэ маю шаблю, а ў другой — галаву забітага ворага і, выканаўшы перада мной цэлы шэраг нейкіх рухаў, урачыста палажыў галаву і зброю на зямлю каля мяне.

Ён бачыў, як я застрэліў другога індзейца, і гэта вельмі яго ўразіла: ён не мог зразумець, якім чынам можна было забіць чалавека на такой вялікай адлегласці. Ён паказаў на забітага і знакамі прасіў дазволу пайсці зірнуць на яго. Я дазволіў, і ён зараз--