Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/159

Гэта старонка не была вычытаная

жа пабег туды. Ён спыніўся над трупам у поўным недаўменні: пастаяў, паглядзеў, павярнуў яго на адзін бок, потым на другі, агледзеў рану. Куля трапіла проста ў сэрца, крыві было мала; але напэўна адбыліся ўнутраныя крывавыя выцёкі, бо смерць надышла раптам. Зняўшы з мерцвяка яго лук і калчан са стрэламі, мой дзікун вярнуўся да мяне. Тады я павярнуўся і пайшоў, запрашаючы яго ісці за мной і стараючыся растлумачыць яму знакамі, што заставацца тут небяспечна, бо за ім можа быць новая пагоня.

Ён адказаў мне, таксама знакамі, што варта было-б раней закапаць мерцвякоў, каб дзікуны не знайшлі іх, калі прыдуць на гэтае месца. Я выказаў сваю згоду, і ён зараз-жа ўзяўся за справу. За некалькі хвілін ён голымі рукамі выкапаў у пяску такую глыбокую яму, што ў ёй лёгка мог змясціцца адзін чалавек; затым ён перацягнуў у гэтую яму аднаго з забітых і засыпаў яго зямлёй. Так-жа спрытна пахаваў ён і другога мерцвяка; словам, уся працэдура пахавання заняла ў яго не больш поўгадзіны. Калі ён скончыў, я зноў зрабіў яму знак ісці за мной, і мы адправіліся ў дарогу. Але я павёў яго не ў крэпасць, а зусім у іншы бок — у дальнюю частку вострава, да майго новага грота.

Калі мы прышлі, я даў яму хлеба, галінку ізюму і напаіў яго вадой, у якой ён меў вялікую патрэбу пасля шпаркага бегу. Калі ён падмацаваў свае сілы, я паказаў яму кут пячоры, дзе ў мяне ляжалі подсцілка з рысавай