Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

магаўся давесці мне сваю бязмежную ўдзячнасць і даць мне зразумець, што з гэтага дня ён будзе мне служыць усё сваё жыццё.

Я зразумеў многа з таго, што ён хацеў мне сказаць, і ў сваю чаргу, пастараўся вытлумачыць яму, што я ім вельмі задаволен. З таго-ж дня я пачаў вучыць яго англійскім словам. Перш за ўсё я растлумачыў яму, што буду клікаць яго Пятніцай (я выбраў для яго гэтае імя ў адзнаку таго дня, калі выратаваў яму жыццё). Затым я навучыў яго вымаўляць маё імя: навучыў таксама адказваць «так» і «не» і растлумачыў значэнне гэтых слоў. Я прынёс яму малака ў гліняным збане і паказаў, як абмокваць у яго хлеб. Ён жвава пераняў і пачаў паказваць мне знакамі, што частаванне было яму да смаку.

Мы пераначавалі ў гроце, але, як толькі пачало світаць, я загадаў яму ісці за мной і павёў у сваю крэпасць. Я растлумачыў яму, што хачу яго апрануць, і гэтаму, відаць, ён быў вельмі рады. Калі мы праходзілі міма таго месца, дзе былі закапаны забітыя дзікуны, ён паказаў мне на адзнакі, якімі ён для памяці вызначыў магілы, і усяляк намагаўся мне вытлумачыць, што нам варта адкапаць абодва трупы, каб з‘есці іх потым. У адказ на гэта я, з свайго боку, пастараўся, як можна выразней, паказаць яму, як мне брыдка нават слухаць такія рэчы. Я зрабіў выгляд, што ад адной думкі аб гэтым мне робіцца моташна і нарэшце сурова загадаў яму адысці ад магіл, што ён і выканаў з вялікай пакорлівасцю.