Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/166

Гэта старонка не была вычытаная

карміць яго мясам жывёл. І вось аднойчы раніцой, накіроўваючыся ў лес, я забраў яго з сабой. Уласна кажучы, ішоў я з намерам зарэзаць казлянё з майго статка, але па дарозе ўбачыў пад дрэвам дзікую казу з парай казлянятак.

— Чакай! — сказаў я Пятніцы, схапіўшы яго за руку, і зрабіў яму знак не варушыцца; потым прыцэліўся, стрэліў і забіў аднаго з казлянят.

Мой бедны дзікун, не разумеючы, як можна забіць жывую істоту, не набліжаючыся да яе (хоць ён і бачыў раней, як я забіў яго ворага), быў зусім уражаны: ён задрыжэў, захістаўся, я думаў — ён зараз страціць прытомнасць. Ён не заўважыў забітага мною казлёнка і падумаў, што я хацеў забіць яго, Пятніцу. Небарака пачаў абмацваць сябе, прыўзняў нават палу сваёй курткі, каб паглядзець, ці не ранены ён, потым упаў перада мной на калены, пачаў абнімаць мае ногі і доўга гаварыў мне нешта на сваёй мове. Слоў я, вядома, не разумеў, але было ясна, што ён просіць мяне не забіваць яго.

Мне хутка ўдалося пераканаць яго, што я не маю ні малейшага намеру ўчыніць яму шкоды. Я ўзяў яго за руку, засмяяўся і загадаў яму збегаць па забітае казлянë. Ён выканаў мой загад. Пакуль ён важдаўся з казлянём, я зноў зарадзіў стрэльбу.

Крыху пачакаўшы, я ўбачыў на дрэве, на адлегласці стрэлу ад мяне, вялікую птушку, якую палічыў за каршака. Жадаючы азнаёміць Пятніцу са страляннем, я паклікаў яго