Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/171

Гэта старонка не была вычытаная

ніштавата размаўляць па-англійску: ён ведаў назвы амаль усіх найбольш звычайных прадметаў і ўсіх месц, якія мне даводзілася наведваць, таму я мог пасылаць яго, куды мне было патрэбна, і ён вельмі добра выконваў мае даручэнні. Ён вельмі любіў размаўляць, і я мог цяпер поўнасцю ўзнагародзіць сябе за доўгія гады вымушанага маўчання. Але, акрамя асалоды, якую я атрымліваў ад нашых гутарак, самая прысутнасць гэтага добрага юнака была для мяне заўсёдашняй крыніцай радасці, да такой ступені ён быў мне па душы. З кожным днём мяне ўсё больш і больш вабілі яго чэснасць, добрасумленнасць, прастадушша. Паступова я ўсім сэрцам прывязаўся да яго, ды і ëн, з свайго боку, так мяне палюбіў, як, я думаю, не любіў ніколі нікога.

Неяк раз мне ўздумалася распытаць яго аб яго мінулым. Мне, галоўным чынам, хацелася ведаць, ці не сумуе ён па сваёй радзіме і аб чым ён наогул думае, калі застаецца адзін. У той час ён ужо так валодаў англійскай мовай, што мог адказаць амаль на ўсе мае пытанні. І вось я спытаў:

— А што, Пятніца, адважнае ваша племя? Ці здаралася, каб вы перамагалі ворагаў у бойках?

Ён ухмыльнуўся і адказаў:

— О, так, мы заўсёды лепш б‘емся, заўсёды перамагаем у бойках.

— Дык вы заўсёды лепш б‘ецеся, кажаш ты? А як-жа гэта сталася тады, што ты трапіў у палон?