Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/173

Гэта старонка не была вычытаная

берагі майго вострава, і прымаў удзел у баляваннях людаедаў. Калі праз некаторы час я набраўся смеласці і павёў яго на бераг (туды, дзе я знайшоў след чалавечай нагі на пяску), ён адразу-ж пазнаў мясцовасць і расказаў мне, што аднойчы, калі ён прыязджаў на мой востраў са сваімі, яны на гэтым самым месцы забілі і з‘елі дваццаць мужчын, двух жанчын і аднаго дзіця. Ён не ведаў, як сказаць па-англійску «дваццаць» і, каб растлумачыць мне колькі чалавек яны тады з‘елі, палажыў дваццаць каменьчыкаў адзін каля аднаго.

Усё гэта я расказаў для таго, каб чытачу былі больш зразумелы наступныя гутаркі мае з Пятніцай і тое, да чаго яны прывялі. Пасля апісанай размовы я спытаў яго, ці далёка да матэрыка ад майго вострава і ці часта гінуць іхнія лодкі, пераплываючы гэтую адлегласць. Выявілася, ён не ведае выпадку, каб хто-небудзь патануў на гэтым шляху, плаваць тут зусім бяспечна, непадалёк ад нашага вострава праходзіць морскае цячэнне: па раніцах яно накіроўваецца ў адзін бок, і заўсёды пры папутным ветры, а к вечару і вецер і цячэнне паварочваюць у процілеглы бок.

Спачатку я думаў, што цячэнне, пра якое казаў Пятніца, знаходзіцца ў залежнасці ад прыліву і адліву, але потым даведаўся, што яно складае працяг цячэння магутнай ракі Орыноко, якая ўпадае ў мора непадалёк ад майго вострава, які такім чынам знаходзіцца супроць яе вусця. Паласа-ж