Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/176

Гэта старонка не была вычытаная

што так яно будзе практычней, і сапраўды сякера не горш корціка як зброя, а разам з тым яна можа заўсёды спатрэбіцца, як рабочы інструмент.

Я многа расказваў Пятніцы аб еўрапейскіх краінах, асабліва пра Англію, растлумачыўшы, што я адтуль родам; апісаў наша жыццё, наш побыт, звычаі; расказаў, як мы гандлюем ва ўсіх частках свету і плаваем на вялікіх караблях. Я растлумачыў яму, як будуюцца вялікія ветразевыя судны, расказаў, дарэчы, пра сваю паездку на загінуўшы карабль і паказаў месца, дзе карабль наскочыў на камень; вядома, я мог паказаць яго толькі прыблізна, бо карабль даўно быў разбіты ў трэскі і ўсе абломкі знесла. Паказаў я яму таксама рэшткі лодкі з нашага карабля, у якой мы хацелі выратавацца і якую потым, як я ўжо казаў, выкінула на мой востраў. Я быў тады адзін, і ў мяне нехапіла сілы скрануць яе з месца, а за тыя гады, якія я пражыў на востраве, яна зусім раскідалася. Убачыўшы гэтую лодку, Пятніца задумаўся і доўга маўчаў. Я спытаў у яго, аб чым ён думае, і ён адказаў:

— Я бачыў лодку, як гэтую; яна плавала там, дзе жыве мой народ.

Я доўга не разумеў, што ён хацеў гэтым сказаць: ці тое, што ў іх месцах дзікуны плаваюць на такіх лодках, ці тое, што такая лодка прайшла міма іхніх берагоў.

Нарэшце пасля доўгіх выпытванняў высветлілася, што акурат такую лодку прыбіла да берагу ля той зямлі, дзе жыве яго племя.