Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/177

Гэта старонка не была вычытаная

Я падумаў: «Мабыць, нейкі еўрапейскі карабль пацярпеў крушэнне каля тых берагоў, і гэтую лодку з яго сарвала хвалямі». Але чамусьці мне не прышло на розум, што лодка магла быць з людзьмі, і, працягваючы свае роспыты, я гаварыў толькі пра лодку.

Пятніца апісаў мне яе вельмі падрабязна і нарэшце дадаў:

— Белыя людзі не патанулі, мы іх выратавалі!

— А хіба ў лодцы былі белыя людзі? — паспешна спытаў я.

— Але, адказаў ён, — поўная лодка белых людзей!

— Колькі іх было?

Ён налічыў па пальцах семнаццаць.

— Дзе-ж яны? Што з імі сталася?

Ён адказаў:

— Яны жывыя. Жывуць у нашых.

Гэта навяло мяне на новую здагадку: ці не з таго самага карабля, што разбіўся на віду майго вострава, былі гэтыя семнаццаць белых людзей? Зусім магчыма, што калі карабль наскочыў на скалу і яны ўбачылі, што караблю пагражае немінучая пагібель, усе яны пакінулі яго і пераселі у шлюпку, а потым іх прыбіла к зямлі дзікуноў, дзе яны і засталіся. Я пачаў дапытвацца ў Пятніцы, ці сапраўды ён ведае, што белыя людзі жывыя. Ён са жвавасцю адказаў:

— Сапраўды, сапраўды!

І ён дадаў, што хутка будзе чатыры гады, як яны жывуць у яго землякоў, і што тыя не толькі не крыўдзяць, але нават кормяць іх.