Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/178

Гэта старонка не была вычытаная

На маё пытанне, як магло здарыцца, што дзікуны не забілі і не з‘елі белых людзей, ён адказаў:

— Белыя людзі сталі нам братамі. Нашы ядуць толькі палонных пасля боек…

Прайшло многа часу пасля гэтай размовы. Аднаго разу мы з Пятніцай зайшлі ва ўсходнюю частку вострава, і ён узышоў на вяршыню ўзгорка, адкуль, калі прыгадае чытач, я шмат гадоў назад убачыў паласу зямлі, якую палічыў за матэрык Паўднёвай Амерыкі.

Як і тады, дзень быў надзвычайна ясны.

Пятніца доўга ўзіраўся ўдалеч па тым кірунку і раптам ускрыкнуў ад радасці, заскакаў і пачаў крычаць мне, каб я падышоў. Я падышоў і спытаў:

— У чым справа? Чаму ты гэтак рады?

— Але, але! Я рады, я шчаслівы! — адказаў ён. — Вунь там, глядзі… адсюль відаць… там мая зямля, мой народ.

Увесь твар яго змяніўся ад радасці: вочы блішчэлі; здавалася, ён так-бы і паляцеў туды, да сваіх. Гэтае назіранне навяло мяне на адну здагадку, вынікам якой было тое, што я пачаў ставіцца з меншай даверлівасцю да майго новага сябра. У мяне з‘явілася ўпэўненасць, што, калі ў яго будзе хоць якая мажлівасць вярнуцца на радзіму, ён, не задумваючыся, пакіне мяне. «А апынуўшыся ў старых, звыклых умовах, — разважаў я, — ён забудзе ўсё тое, чым ён мне абавязаны, і — хто ведае? можа нават аддасць мяне сваім супляменнікам: прывядзе іх сотню або дзве