Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/179

Гэта старонка не была вычытаная

на мой востраў; яны заб‘юць мяне і з‘ядуць, і ён будзе баляваць разам з імі з такім лёгкім сэрцам, як раней, калі ўсе яны прыязджалі сюды святкаваць свае перамогі над дзікунамі варожых пляменняў».

Падазронасць мая з кожным днём узрастала, а зрабіўшыся асцярожнейшым, я, зразумела, пачаў цурацца майго таварыша і зрабіўся да яго халаднейшым.

Так працягвалася некалькі тыдняў.

Пакуль я падазрона ставіўся да яго, я вядома, пускаў у ход усю сваю дыпламатыю, каб выпытаць з яго тайныя думкі; але кожнае яго слова дыхала такой простадушнай шчырасцю, што мне зрабілася сорамна за маю падазронасць, я супакоіўся і вярнуў сваю даверлівасць майму другу. А ён нават не прыкмеціў майго часовага да яго ахаладжэння, і гэта было для мяне толькі лішнім доказам яго шчырасці.

Аднойчы, калі мы з Пятніцай зноў падняліся на ўзгорак (толькі на гэты раз на моры стаяў туман і берагоў матэрыка не было відаць), я спытаў яго:

— А што, Пятніца, ці хацелася-б табе вярнуцца на радзіму, да сваіх?

— Але, — адказаў ён, — я быў-бы вельмі рад вярнуцца да сваіх.

— Што-б ты там рабіў? — пытаў я далей. — Ператварыўся-б зноў у дзікуна і пачаў-бы, як раней, есці чалавечае мяса.

Твар яго зрабіўся сур‘ёзным, ён паматаў галавой і адказаў:

— Не, не, Пятніца сказаў-бы там усім: