Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/182

Гэта старонка была вычытаная

— Такая падыходзіць, падыходзіць, — цвярдзіў ён. — Тут можна многа класці хлеба, вады і ўсяго.

Але таму, што з дня пабудовы гэтай лодкі прайшло дваццаць тры гады, і ўвесь гэты час яна заставалася пад адкрытым небам, дзе яе прапякала сонцам і мачыла дажджом, уся яна рассохлася, і дрэва напалову струхлела.

Тым не менш маё рашэнне зрабіць паездку на матэрык было канчаткова прынята, і я сказаў Пятніцы:

— Нічога, не маркоцься! Мы пабудуем акурат такую-ж лодку, і ты паедзеш дамоў.

Ён не адказаў ні слова, але зрабіўся нейкім дзіўным — ні то сумным, ні то незадаволеным. Калі я спытаў, што з ім, ён сказаў:

— Завошта Робін Крузо злуецца на Пятніцу? Што я зрабіў?

— З чаго ты бярэш, што я злуюся на цябе? Я ані трохі не злуюся, — сказаў я.

— Не злуюся, не злуюся! — паўтарыў ён злосна. — А навошта адсылаеш Пятніцу дамоў?

— Ды сам-жа ты казаў, што табе хочацца дамоў, — сказаў я.

— Так, хочацца, — адказаў ён, — але толькі каб абодвум. Робін не паедзе — Пятніца не паедзе: Пятніца не хоча без Робіна.

Адным словам, ён і слухаць не хацеў пра тое, каб пакінуць мяне.

— Але паслухай, Пятніца, — гаварыў я, — навошта я паеду туды? Што я там буду рабіць?