Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/184

Гэта старонка не была вычытаная

тым, што адзінай прычынай яго жадання вярнуцца на радзіму была гарачая любоў да сваіх супляменнікаў і надзея, што я паеду з ім і навучу іх дабру. Але, паколькі я не быў высокай думкі аб сваёй асобе, я не меў ні малейшага намеру брацца за такую цяжкую справу, як асвета дзікуноў. Аднак, жаданне маё вырвацца з майго зняволення было ад гэтага ані трошкі не меншым. Нарэшце я рашыў, не адкладаючы далей, узяцца за пабудову вялікай лодкі, у якой можна было-б рызыкнуць выйсці ў адкрытае мора.

Перш за ўсё неабходна было выбраць падыходзячае дрэва з даволі тоўстым ствалом. За гэтым не магло быць затрымкі: на востраве расло столькі будаўнічага лесу, што з яго можна было пабудаваць цэлую флатылію вялікіх караблёў, а не толькі лодку. Але я баяўся, як-бы не паўтарыць той памылкі, якую я зрабіў пры пабудове першай лодкі, і таму лічыў, што нам варта выбіраць з тых дрэў, якія раслі блізка к берагу, каб можна было без асаблівых цяжкасцей спусціць лодку на ваду.

Пасля доўгіх пошукаў Пятніца знайшоў даволі падыходзячы для нас экземпляр: вышла, што ён больш за мяне разумее ў гэтай справе. Я і да гэтага дня не ведаю, якой пароды было дрэва, з якога мы тады пабудавалі лодку. Пятніца стаяў за тое, каб выпаліць сярэдзіну калоды, як гэта робяць пры пабудове сваіх пірог дзікуны; але я сказаў яму, што будзе прасцей выдзяўбсці яе дола-