Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/193

Гэта старонка не была вычытаная

— Мусіць, потым яны з‘ядуць і гэтага! — дадаў Пятніца зусім спакойна.

Уся мая душа запалала гневам пры гэтай вестцы.

Пятніца сказаў мне, што другі палонны не індзеец, а адзін з тых белых людзей, якія прыехалі ў яго зямлю на лодцы. «Трэба дзейнічаць», рашыў я. Я схаваўся за дрэвам, дастаў падзорную трубу і сапраўды ўбачыў на беразе белага чалавека. Ён ляжаў нерухома, бо яго рукі і ногі былі звязаны гнуткім пруццем. На ім была вопратка, але не толькі па ëй, а і па твары нельга было не пазнаць у ім еўрапейца.

Сажняў на дваццаць пяць бліжэй да берагу, на ўзгорку, на адлегласці прыблізна паловы стрэлу ад дзікуноў, расло другое дрэва, да якога можна было падысці непрыкметна, бо ўся адлегласць паміж ім і тым месцам, дзе мы стаялі, была амаль уся пакрыта густым зараснікам нейкага хмызняку. Стрымліваючы свой шалёны гнеў, я ціханька прабраўся да гэтага дрэва і адтуль, як на далоні, убачыў тое, што вытваралася на беразе.

Ля кастра, збіўшыся ў шчыльную кучку, сядзела дзевятнаццаць дзікуноў.

За некалькі крокаў ад гэтай групы, каля распасцёртага на зямлі еўрапейца, стаялі двое і, схіліўшыся над ім, развязвалі яму ногі: відаць, іх толькі што паслалі за ім. Яшчэ хвіліна, і яны зарэзалі-б яго, як барана. Мне давялося-б быць сведкай, як гэтыя звяры разарвалі-б яго на кавалкі і пачалі-б смажыць…