Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/205

Гэта старонка не была вычытаная

Калі мы папалуднавалі, ці, лепш сказаць, павячэралі, я загадаў Пятніцы ўзяць лодку і паехаць за нашымі стрэльбамі, якія мы пакінулі на полі бойкі; а на другі дзень я паслаў яго закапаць трупы забітых, каб не было непрыемнага паху, бо ён вельмі хутка распаўсюдзіцца пры тамашняй спякоце.

Я загадаў яму таксама закапаць жахлівыя рэшткі крывавага балявання, якіх было вельмі многа. Я без агіды нават падумаць не мог аб тым, каб закапаць іх самому: мне зрабілася-б моташна ад аднаго іхняга выгляду. Пятніца акуратна выканаў усё, што я яму загадаў: ён старанна знішчыў усе сляды наведвання дзікуноў, і калі я пасля таго прышоў на месца бойкі, я не адразу мог яго пазнаць; толькі па дрэвах на ўскрайку лесу, які падыходзіў да самага берагу, я ўбачыў, што гэта тое самае месца.

Я часта гутарыў пры дапамозе Пятніцы з маімі новымі сябрамі, бо мне хацелася шмат аб чым іх распытаць. Перш за ўсё я спытаў у бацькі Пятніцы, ці не баіцца ён, што дзікуны, якія ўцяклі, могуць вярнуцца на востраў з цэлай зграяй сваіх супляменнікаў, якіх нам будзе ўжо цяжка перамагчы. Стары індзеец адказаў, што, па яго думцы, уцекачы ніякім чынам не маглі грабсці ў такую буру, якая бушавала ў тую ноч, што яны напэўна ўсе патанулі, а калі і засталіся жывымі нейкім цудам, дык іх занесла на поўдзень і прыбіла к зямлі варожага племя, дзе яны ўсёроўна павінны былі загінуць ад рук сваіх ворагаў.