Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/208

Гэта старонка не была вычытаная

з‘ядуць дзікуны. У іх была з сабой агнястрэльная зброя, але яны не маглі ëю карыстацца, бо нехапала пораху і куляў: той порах, які яны ўзялі з сабой у лодку, амаль увесь падмок у дарозе, а што засталося, яны даўно патрацілі, бо першы час здабывалі сабе ежу толькі паляваннем.

Я спытаў у яго, якая, па яго думцы, чакае доля іх на зямлі дзікуноў і няўжо яны ніколі не спрабавалі выбрацца адтуль. Ён адказаў, што ў іх было вельмі многа нарад наконт гэтага, але ўсё скончылася слязмі і адчаем.

— Вы самі памяркуйце, — дадаў ён, — які выхад з нашага становішча маглі мы прыдумаць, не маючы ні судна, на якім можна-б рушыць у адкрытае мора, ні матэрыялаў, ні інструментаў для пабудовы судна і ніякіх запасаў?

Тады я сказаў яму:

— Я буду гаварыць з вамі проста. Як вы думаеце, ці згодзяцца вашы таварышы, калі я ім прапаную пераехаць сюды, на мой востраў. Мне здаецца, што ўсе разам мы знайшлі-б спосаб дабрацца да якой-небудзь культурнай краіны. Адно толькі палохае мяне: запрашаючы іх сюды, я аддаю сябе ў іхнія рукі. Што, калі за маю гасціннасць яны мне адплоцяць здрадай? Удзячнасць, увогуле кажучы, не уласціва людзям. А гэта было-б, згадзіцеся, надта ужо крыўдна: выратаваць людзей з бяды толькі для таго, каб апынуцца іхнім палоннікам у Новай Іспаніі, дзе яшчэ не зносіў галавы ніводзін англічанін, якая-б няшчасная выпадковасць ні закінула яго туды.