Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

зарадзіў двума жарабейкамі[1], усыпаўшы спачатку добры зарад пораху; у другую засунуў дзве вялікія кулі, а ў трэцюю — пяць куляў меншых. Узяўшы першую стрэльбу і добранька прыцэліўшыся, я стрэліў у звера; я цаляў яму ў галаву, але ён ляжаў у такой позе (прыкрыўшы морду лапай), што зарад трапіў яму ў нагу і раструшчыў косць вышэй калена. Ён адразу-ж ускочыў, але адчуўшы боль у перабітай назе, зараз-жа зваліўся; потым зноў стаў на трох лапах і, кульгаючы, пайшоў прэч ад берагу, выпусціўшы такі жахлівы роў, якога я ў жыцці сваім не чуў. Я быў крыху збянтэжаны тым, што не трапіў яму ў галаву; аднак, не чакаючы ніводнай хвіліны, узяў другую стрэльбу і, стрэліўшы зверху наўздагон, на гэты раз трапіў удала. Леў упаў, не выдаўшы ані гука. Тут Ксуры набраўся смеласці і пачаў прасіцца на бераг.

— Добра, ідзі! — сказаў я.

Хлопчык ускочыў у ваду і паплыў да берагу, працуючы адной рукой, бо ў другой трымаў стрэльбу. Падышоўшы шчыльна да раскінутага звера, ён прылажыў дула стрэльбы да яго вуха і забіў яго канчаткова.

Было, вядома, прыемна перамагчы такога звера, але мяса яго не ўжывалася ў страву, і я вельмі шкадаваў, што мы папсавалі тры зарады на гэтую бескарысную дзічыну. Але Ксуры абвясціў, што ён пажывіцца нечым ад забітага льва, і калі мы вярнуліся на баркас, папрасіў у мяне сякеру.

  1. Жарабейка — кавалак волава, які замяняе кулю.