Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/210

Гэта старонка не была вычытаная

я сам не праганю яго, і што пры малейшай спробе з боку яго землякоў парушыць дадзеную мне клятву ён будзе біцца за мяне да апошняй кроплі крыві.

Упэўненасць, з якой мой госць ручаўся за сваіх землякоў, развеяла мае сумненні, і я рашыў паспрабаваць выратаваць гэтых людзей. Я сказаў іспанцу, што адпраўлю да іх яго і старога індзейца для папярэдніх перагавораў. Але, калі ўсё было ужо гатова да іхняга адплыцця, сам іспанец загаварыў аб тым, што, на яго думку, трэба яшчэ пачакаць.

— Перш чым выпісваць гасцей, нам, — сказаў ён, — трэба паклапаціцца аб тым, каб іх пракарміць.

Вось з чаго складаўся яго план. З майго дазволу, казаў ён, яны ўтрох пачнуць араць новы ўчастак зямлі і пасеюць усё зерне, якое я магу вылучыць для сяўбы; затым, дачакаўшыся ўраджаю, збяруць хлеб, і, калі яго будзе дастаткова для таго, каб пракарміць нас чацвярых і ўсіх яго таварышоў, тады ён і бацька Пятніцы паедуць за імі; іначай, перабраўшыся да часу на наш востраў, яны трапяць з агню ды ў полымя і наўрад ці падзякуюць нас за гэта.

Я не мог надзівіцца добрай прадбачлівасці майго госця і быў рады, што ён так адданы мне. Яго парада была такою добрай, што, паўтараю, я прыняў яе адразу.

Не адкладаючы надоўга сваіх спраў, мы ўчатырох узяліся араць новае поле. Работа ішла паспяхова (як паспяхова можа ісці такая работа пры драўляных прыладах), і праз