Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/212

Гэта старонка не была вычытаная

павялічыўся на дваццаць галоў. Затым нам неабходна было зрабіць яшчэ адну важную справу: трэба было паклапаціцца аб нарыхтоўцы ізюму, бо вінаград ужо паспеў. Мы сабралі і насушылі яго ў велізарнай колькасці — я думаю, не менш шасцідзесяці скрынак. Хлеб ды ізюм складалі галоўны наш харч. Мы ўсе вельмі любілі ізюм. Я не ведаю больш смачнай, здаровай і спажыўнай стравы.

За ўсімі гэтымі справамі мы і не заўважылі, як надышоў час жніва.

Ураджай быў нядрэнны, — не з самых раскошных, але ўсё-ткі настолькі вялікі, што мы маглі прыступіць да выканання задуманага плана. Мы атрымалі сам-дзесяць. Гэтай колькасці павінна было хапіць не толькі на пракармленне да наступнага жніва ўсёй нашай грамады (лічачы і чатырнаццаць новых членаў), але з такім запасам харчоў мы маглі смела пусціцца ў плаванне і дабрацца да любой з дзяржаў Паўднёвай Амерыкі.

Нарыхтаваўшы запас ізюму і хлеба, мы ўзяліся плесці кошыкі для іх захавання. Іспанец быў вялікім майстрам гэтай справы і зусім забракаваў кошыкі маёй работы.

Калі такім чынам харчы для гасцей, якіх мы чакалі, былі нарыхтаваны, я дазволіў іспанцу ехаць за імі, даўшы яму самыя дасканалыя інструкцыі наконт таго, як весці з імі перагаворы. Я сурова даў яму наказ не прывозіць аніводнага чалавека, не узяўшы ад яго ў прысутнасці старога індзейца клятвенага абяцання, што ён не толькі не зробіць мне ні-