Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/218

Гэта старонка не была вычытаная

сядзеў на беразе, дзіка азіраючыся навакол. Я таксама лічыў сябе загінуўшым. Якія жахі марыліся мне ў першую ноч, калі я ўзлез на дрэва, баючыся, каб не разарвалі драпежныя звяры! Так, я тады лічыў сябе загінуўшым. І як шчасліва пражыў я гэтыя гады!.. Але нічога гэтага я тады не прадбачыў. Таксама і гэтыя трое няшчасных прыходзілі ў адчай, не ведаючы, што збавенне блізка.

Пакуль разбойнікі вялі перагаворы з трыма палоннымі ды блукаліся па востраву, прайшло многа часу: пачаўся адліў, і лодка апынулася на мялі. У ёй, як ужо сказана, засталіся два чалавекі, якія хутка заснулі. Калі адзін з іх прачнуўся ды ўбачыў, што лодка стаіць на сухім беразе, ён паспрабаваў быў штурхнуць яе ў ваду, але не здолеў. Тады ён пачаў клікаць астатніх. Яны збегліся на яго крыкі і пачалі дапамагаць яму, але лодка была такая цяжкая, што ўсе іхнія намаганні спусціць яе на ваду ні да чаго не прывялі.

Тады яны, як сапраўдныя маракі, — а маракі, як вядома, самы лёгкадумны народ у свеце, — кінулі лодку і зноў разышліся па востраву. Я чуў, як адзін з іх, пайшоўшы, крыкнуў двум, што засталіся ў лодцы: „Джэк! Том! Ды кіньце вы яе! Чаго там важдацца! Усплыве з наступным прылівам“. Гэта было сказана па-англійску, так што цяпер не засталося ўжо ніякіх сумненняў, што гэтыя людзі — мае землякі.

Увесь гэты час я або стаяў на сваім назіральным пасту, на вяршыні гары, або сядзеў, стаіўшыся, у сваім замку, радуючыся, што так