Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/220

Гэта старонка не была вычытаная

добра яго ўмацаваў. Да пачатку прыліву засталося не менш дзесяці гадзін, к таму часу павінна было сцямнець. Тады я мог непрыкметна падкрасціся да зладзеяў і сачыць за кожным іхнім рухам, а можа нават падслухаць, што яны будуць гаварыць

Чакаючы вечара, я пачаў рыхтавацца да бою, толькі цяпер мая падрыхтоўка была складаней і дбайней, чымся тады, калі я збіраўся ваяваць з дзікунамі. Я ведаў, ште цяпер буду мець справу з больш небяспечным ворагам. Пятніцы, які зрабіўся ў мяне надзвычайным стралком, я таксама загадаў узброіцца. Яму я аддаў тры стрэльбы, а сабе ўзяў дзве. У калматай куртцы і шапцы, з голай шабляй ля бядра і з двума стрэльбамі за спіной, я меў сапраўды грозны выгляд.

Як ужо сказана, я было рашыў нічога не рабіць, пакуль не сцямнее. Такі быў мой першапачатковы план, але потым абставіны склаліся так, што я павінен быў яго змяніць. Стоячы на гары, я заўважыў, што ўся банда прыехаўшых галаварэзаў знікла ў лесе. Гэта было каля двух гадзін дня. Прайшло даволі многа часу, а яны не паказваліся. «Мусіць, паляглі спаць, пакуль спадзе спякота», падумаў я. Палонныя між тым зноў засталіся адны. Яны не спалі, — ім было не да сну. Усе трое сядзелі пад дрэвам не больш як за чвэрць мілі ад майго жылля.

Вось тут я і прыняў новае рашэнне: я рашыў падысці да няшчасных і распытаць іх, што яны за людзі і што з імі здарылася.