Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/225

Гэта старонка не была вычытаная

яны рынуцца сюды з усім экіпажам і пераб‘юць нас усіх.

— Значыцца, тым больш падстаў прыняць маю параду, — сказаў я. — Вы самі бачыце, што жорсткія захады выклікаюцца неабходнасцю: для нас гэта адзіны сродак выратавацца.

Заўважыўшы, аднак, што ён усё-ткі хістаецца, я сказаў яму, каб ён з таварышамі ішоў уперад і распараджаўся, як ведае.

Між тым, пакуль у нас ішлі гэтыя перагаворы, піраты пачалі прачынацца. Я ўбачыў, што двое з іх падняліся, і спытаў капітана, ці не гэта пачынальнікі бунту.

— Не, — адказаў ён.

— Дык хай сабе ідуць з мірам: не будзем ім перашкаджаць, — сказаў я.

Капітан і абодва яго таварышы схапілі стрельбы, запхнулі за пояс пісталеты і пайшлі наперад. Адзін з двух прачнуўшыхся піратаў павярнуўся на шум іхніх крокаў і, убачыўшы ў іхніх руках зброю, узняў трывогу. Але было ўжо позна: у той самы момант, як ён закрычаў, грымнула два стрэлы — капітанскага памочніка і пасажыра; сам-жа капітан прадбачліва ўстрымаўся, прыберагаючы свой зарад. Страляўшыя не далі прамаху: адзін чалавек быў забіт напавал, другі цяжка паранены. Ён аднак ускочыў на ногі і пачаў клікаць на дапамогу. Але тут да яго падышоў капітан і сказаў:

— Позна ўсхапіўся: цяпер ніхто табе не дапаможа.

З гэтымі словамі ён падняў стрэльбу і так