Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/226

Гэта старонка не была вычытаная

моцна ўдарыў раненага прыкладам па галаве, што той замоўк навекі.

Цяпер, не лічачы трох чалавек, якія, мусіць, зайшлі ў другую частку лесу, у нас засталася толькі тры супраціўніка, з якіх адзін быў лёгка ранены. У гэты час прышлі і мы з Пятніцай. Нягоднікі зразумелі, што супраціўляцца бескарысна, і пачалі прасіць літасці. Капітан адказаў, што ён гатоў зміласцівіцца, калі яны дадуць якую-небудзь гарантыю, у тым, што шчыра каюцца ў сваім здрадніцтве, і паклянуцца дапамагчы яму авалодаць караблём і адвесці яго назад у Ямайку. Яны пачалі клятвамі запэўняць у сваім шчырым раскаянні і абяцалі, што будуць беспярэчліва падпарадкавацца яму.

Капітан поўнасцю задаволіўся іхнімі абяцаннямі і, з свайго боку, абяцаў пакінуць іх у жывых. Я нічога не меў супроць гэтага, але толькі заявіў, што ўвесь час, які гэтыя людзі прабудуць на маім востраве, я буду вымушан трымаць іх звязанымі па руках і нагах.

Як толькі скончыліся ўсе гэтыя перагаворы, я накіраваў Пятніцу і памочніка капітана да баркаса і загадаў адвесці яго ў нашу бухтачку і зняць з яго ветразі і вёслы.

Тымчасам тры матросы, якія адсутнічалі, пачули нашы стрэлы і вярнуліся.

Калі яны ўбачылі, што іхні капітан з палоннага ператварыўся ў пераможцу, яны нават не спрабавалі супраціўляцца і пакорліва далі сябе звязаць.

Такім чынам перамога засталася за намі.