Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

заў сабе, што павінен або сустрэць еўрапейскае судна, або загінуць.

Яшчэ дзён дзесяць, як ужо сказана, я трымаўся бліжэй да берагу. Потым я заўважыў, што бязлюдныя прасторы берагавой паласы пачынаюць змяняцца пасёлкамі: у двух-трох месцах мы бачылі на беразе людзей, якія глядзелі на нас. Усе яны былі голыя, чорныя. Аднаго разу я хацеў быў выйсці на бераг і падысці да іх, але Ксуры, мой мудры парадчык, сказаў:

— Не трэба!

Тым не менш я пачаў трымацца бліжэй да берагу, каб мець мажлівасць перагаварыць з дзікунамі. Яны зразумелі мой намер і доўга беглі ўдоўж берагу за нашым баркасам. Я заўважыў, што яны былі няўзброеныя, толькі адзін з іх трымаў у руцэ даўгі тонкі кій. Ксуры сказаў мне, што гэта кап‘ё і што дзікуны кідаюць коп‘і вельмі далёка і вельмі трапна. Таму я трымаўся ад іх здалёк і гутарыў з імі знакамі, імкнучыся галоўным чынам даць ім зразумець, што нам неабходна ежа. Яны зразумелі і пачалі ў сваю чаргу рабіць нам знакі, каб я спыніў сваю лодку, і што яны прынясуць нам харч. Як толькі я спусціў ветразі, два дзікуны пабеглі кудысці і праз поўгадзіны вярнуліся з двума вялікімі кавалкамі сушанага мяса і двума мяшкамі з зернем нейкай збожжавай расліны, якая расце на іхняй зямлі. Мы не ведалі, якое гэта было мяса і якое зерне, аднак выказалі сваю поўную гатоўнасць прыняць тое і другое. Але як атрымаць прапануемы дар?