Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/231

Гэта старонка не была вычытаная

але затое боцман — галоўны пачынальнік бунту — і ўсе астатнія былі пэўныя нягоднікі.

— Я вельмі баюся, — дадаў капітан, — што яны будуць люта абараняцца і здужаюць нас.

Я ухмыльнуўся і сказаў:

— У людзей, пастаўленых у такія ўмовы, як мы, не можа быць страху; што-б ні чакала нас у будучым, усё будзе лепшым за наша цяперашняе становішча, і, значыцца, кожны выхад з гэтага становішча — нават смерць — мы павінны лічыць збавеннем. Што вы думаеце, напрыклад, аб маім жыцці? Ці лёгка дваццаць сем гадоў быць адрэзаным ад свету? І няўжо вы не знаходзіце, што варта рызыкнуць жыццём дзеля свайго вызвалення. Што тычыцца мяне, то ў надыходзячай справе мяне блытае толькі адно.

— А што? — спытаў ён.

— Ды тое, што, як вы кажаце, у ліку гэтых зладзеяў ёсць тры або чатыры добрых чалавекі, якіх варта пашкадаваць. Каб яны былі ўсе піратамі, я-б ні на секунду не меў сумнення, што я маю права расправіцца з імі. А што мы з імі расправімся, я зусім ўпэўнены, бо кожны, уступіўшы на гэты востраў, будзе ў нашай уладзе, і ад нас будзе залежыць, ці забіць яго ці дараваць яму жыццё.

Я гаварыў бадзёрым, рашучым голасам, з вясёлым тварам. Мая ўпэўненасць перадалася капітану, і мы энергічна ўзяліся за справу. Яшчэ раней, калі на караблі пачалі спускаць шлюпку, мы паклапаціліся добранька схаваць нашых палонных, каб тыя, што павінны былі прыбыць, не маглі іх знайсці.