Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/233

Гэта старонка не была вычытаная

вельмі рады. Шчыра кажучы, я баяўся, што яны дзеля асцярогі стануць на якар, не дайшоўшы да берагу, і што частка людзей застанецца пільнаваць шлюпку: тады мы не маглі-б яе захапіць.

Вышаўшы на бераг, яны перш за ўсё кінуліся да баркаса. Можаце сабе ўявіць іхняе здзіўленне, калі яны ўбачылі, што з яго ўзяты ўсе снасці, што ўвесь груз знік, а дно прадзіраўлена наскрозь.

Пагутарыўшы між сабой аб гэтым непрыемным сюрпрызе, яны пачалі галосна крычаць з надзеяй, што іх пачуюць прыбыўшыя ў баркасе. Доўга яны дралі сабе горла, але без ніякага выніку. Тады яны сталі ў кружок і па камандзе далі залп з усіх стрэльбаў. Па лесе раскацілася гулкае рэха, але і ад гэтага іхняя справа не пасунулася наперад: сядзеўшыя ў склепе нічога не маглі чуць; тыя-ж, што былі пры нас, хоць і чулі, але адгукнуцца не адважваліся.

Тады новапрыбыўшыя, бачачы, што ніхто не адгукаецца на іхнія крыкі, страшэнна перапалохаліся і рашылі вяртацца на карабль з данясеннем, што ў баркасе прадзіраўлена дно, а людзі, прыбыўшыя на востраў, напэўна, усе перабіты, бо іх нельга дазвацца.

Капітан, які дагэтуль яшчэ спадзяваўся, што нам удасца захапіць карабль, цяпер зусім апусціў нос. Ён баяўся, што, калі на караблі даведаюцца аб знікненні каманды баркаса, новы капітан аддасць загад здымацца з якара, — і тады бывай усе яго надзеі.

Але хутка ў нас з‘явіўся новы повад для