Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

страху. Шлюпка з людзьмі не адышла ад берагу і дваццаці сажняў, як мы ўбачылі, што яна вяртаецца: мабыць, параіўшыся паміж сабой, яны прынялі якое-небудзь новае рашэнне. Мы з трывогай назіралі. Прыстаўшы да берагу, яны пакінулі ў шлюпцы трох чалавек, а астатнія сямёра вышлі і накіраваліся ў глыб вострава, відаць, на пошукі прапаўшых.

Справа прымала невыгодны для нас абарот. Каб нават нам удалося захапіць семярых, што вышлі на бераг, гэта не прынесла-б нам ніякай карысці, паколькі мы ўпусцілі-б шлюпку з трыма астатнімі: вярнуўшыся на карабль, яны ўсёроўна расказалі-б аб тым, што здарылася, а тады карабль ужо напэўна зняўся-б з якара і зноў-жа быў-бы страчаны для нас.

Як-бы яно ні было, нам не заставалася нічога больш, як цярпліва чакаць, чым усё гэта скончыцца. Выпусціўшы семярых чалавек, шлюпка з трыма астатнімі адышла на даволі далёкую адлегласць ад берагу і стала на якар, адрэзаўшы нам такім чынам усю мажлівасць дабрацца да яе.

Сямёра выведчыкаў, трымаючыся шчыльнай групкай, пачалі ўзбірацца на горку, пад якой было маё жыллё. Мы іх вельмі добра бачылі, але яны не маглі бачыць нас. Мы ўсё чакалі, ці не падыдуць яны бліжэй, каб мы маглі даць па іх залп, або ці не накіруюцца, прынамсі, да супроцьлеглага берагу вострава, бо, пакуль яны заставаліся на гэтым яе баку, нам нельга было высунуць носа з крэпасці.